epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прыгажосць

Прыгажосць!

Глянь у вочы

Заснежанай далечы —

Час нібыта

Абліччам сваім пасвятлеў.

Бляск ліхтарны зайграў

У сняжынак крышталіках,

І растаў,

І прапаў

У бялявай імгле...

 

Ах ты, сцюжная ноч,

Гул жыцця несціханы

Снежным пухам табе

Не пакрыць на зямлі!..

Студзень месяц,

Ты госць

Пачынанняў жаданых,—

Веру светлую ў заўтрашні дзень

Пасялі!

 

Свет стары насцярожаны.

Лаваю льюцца

Шквал вялікіх баёў,

Штормы грозных падзей.

Маладыя вятры

Маладых рэвалюцый

Веюць алым прадвеснем

І ўночы, і ўдзень!

 

Хай жа сэрца зямное

Стрывожана б’ецца,

Галасамі змагання

Урачыста гудзе!..

Скажам шчыра, сябры,

Нам не кепска жывецца,

Дык працягнем руку

Тым, хто сёння ў бядзе!

 

Хай зімовым паветрам

Напоўняцца грудзі.

Час, на новыя подзвігі

Нас асяні!

Хай на ўсіх кантынентах

Работныя людзі

Не пабачаць

Злавеснага ценю вайны!

 

Сыдзе з твараў хай выраз

Турботны і строгі,

Радасць хай пераступіць

Праз кожны парог!

Хай былыя гады,

Як слупы ўздоўж дарогі,

Стануць сведкамі

Нашых цяжкіх перамог!

 

Нам нямала прыпала

І поту, і працы,

Толькі мы ад тых спраў

Падужэлі ў плячах!

На трыбунах планеты

Пад буры авацый

Голас Партыі пашай

Не раз прагучаў,

 

Каб зямлю адагрэла

Чаканай адлігай

Сонца дружбы і міру,

Што мы узнялі,

Каб халоднай вайны

Разламаныя крыгі

У нябыт забыцця

Назаўсёды сплылі!

 

Хай святляк-маладзік

Па сасёнках ды ёлках

Сее срэбраны пыл

Між маўклівых палян,

У шчаслівых вачах

Хай зайграюць вясёлкі,

Хай спачне

Ад натужнае працы зямля!

 

Хай пуховай хусцінкай

Сагрэе ёй грудзі

Легкадумных сняжынак

Павольны палёт...

Прыгажосць,

Спадарожніцай будзь добрым людзям,

Што за мір на зямлі

Выйшлі ў новы паход!

1974


1974