epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прысутнасць

Рысіным вокам, шостым пачуццём

Распазнаваў твой сілуэт у змроку,

Калі асенняй слотай, як асцём,

Калючы вецер сіверыў нам шчокі.

 

Пустых алеек змоклае лісцё

Прыглушвала няспешлівыя крокі.

О, юных душ бязгрэшнае зліццё,

Як зрэнка студні, бляск вачэй глыбокі!.

 

Куды ўцячэш ад памяці сваёй?

Яна жыве ўва мне, жыве і будзіць

Цяплынь душы, вясёлкавы настрой,

 

І салаўіны май, і срэбны студзень...

І хоць цябе даўно няма са мной,

Твая прысутнасць век са мною будзе!