epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прывід

Як мыш у клець, шкрабецца ў дзверы

старасць.

Не размінуцца з ёю нам, відаць.

Наплыў бяссоння, успамінаў нарасць,

Дзе сто пудоў няўдач — на фунт удач.

 

Прэч ложак, вокны насцеж,

смутку марнасць —

Пад дождж, пад лівень!

Грукай, бубен-дах!

Дарэмны шал. Той госць быў толькі

сталасць.

Сядай жа, друг: віно, каньяк падаць?

 

Плыві ў прастор, сяброўская гаворка,

Плыві, ўспамінаў светлая рака!

Крануў, як вермут вусны, прысмак горкі,

 

Дзён палыновых. Да пяра рука

Сама імкнецца, каб да ранняй зоркі

Юнацтва біла з кожнага радка.