epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Пустазелле

Хвалёнае хваліць, а зганенае ганіць

Як часта любім мы, хоць, праўда, і не ўсе.

Не цяжка караціць скарочаную памяць,

Хаця і ў шкодзе сам, як конь той у аўсе.

 

Наскуб цытатак пук, аздобіў пустазеллем,

І трушанка (дакладней — слоўны камбікорм!)

Гатовая. Хрумсці. Ямеля ж сабе меле,

Аж пыл у вочы праўдзе б’е наперакор!

 

Цяпер футбол трывала ўсюды ўбіўся ў моду,

У форварды пралез — дык забівай галы!

Не здатны ж, дык не псуй спартыўную пароду!

 

Так і у нас. Ірві з крытычнага гароду

Сарняк пусты, бо там, дзе корань скрозь гнілы,

Не густа набярэш разумных думак мёду!