Не веру я, што ты з майго рабра,
Хоць і дагэтуль часам ныюць рэбры.
Ты — з пляшкі Джын, ты — прыхамаць
пяра,
Туманнасці пясчынка ў зорным срэбры.
А ўсё ж па волі розуму й дабра
На ўсіх зямных шляхах, на гразкіх грэблях,
Мы — дзве часцінкі аднаго ядра —
Суіснавання сутнасці патрэбны.
На глебе той гарой крутой стаю
Праціўнік люты прымхі звар’яцелай.
Таму і перавагу аддаю
Крыві гарачай, трапяткому целу,
Пазнаючы праз іх душу тваю,
Як ты, рабро маё, таго хацела!