epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Радкі жывуць, напоўненыя верай...

Астылы чай. Гарачы томік вершаў.

Нібы ў чужыя вокны заглядаю,

Чытаючы. Чарговы круг завершан,

Дымок згасання засцілае далі.

 

Жывую споведзь сэрца я чытаю —

Душа чужая нібы на далоні.

А ці чужая? Грэшная? Святая?

Раскутая? Ці ўсё яшчэ ў палоне?

 

Радкі жывуць, напоўненыя верай

У праўды моц, у розум чалавечы,

У змогу над звычайшчынаю шэрай,

Над светам звыклых і абрыдлых рэчаў.

 

Хіба ж зарок маўчання за паўвека

Не навяваў мелодыяў спакусных,

Не біла сонца ярасна ў павекі,

Не апякала песня шчасця вусны?!

 

Ах, як спагада да чужое мукі

У чарапок наш дабаўляе клёку!

Навуку — як слана згламэздзіць з мухі—

Сам спасцігаў я ў часе недалёкім...

 

І што ж? Разгадкі сэнс спаўна агораў,

Да дна дапіўшы горкі смак няволі:

Каб хтосьці мог вышэй узняцца ўгору,

Павінен нехта апусціцца долу!

 

Так і было, калі наш край пасеклі,

Як той паэт пісаў, на дзве паловы,

На самым дне я апынуўся ў пекле,

Каб нехта рос на блудзе славаслоўя.

 

Што скажаш тут? Калі няма спадзевы,

Хітруй-мудруй, ратуй ад ліха шкуру!

Малюе ж вобраз Непарочнай Дзевы

Мастак падчас з распуснае натуры...

 

Пакуль я чэрап разбіваў аб краты,

У кут зладзейскай сілаю загнаны,

Сябры мае складалі гімны кату,

Хоць быў той ідал на нагах гліняных.

 

Дзівак я быў, што біўся лбом аб сценку,

Што мазгаўню дурную пхаў у пельку,

Уторкнуў лепш бы ў томік Блока зрэнкі,

Згадаў бы сэнс жыцця на дне бутэлькі!..

 

Ах, памяць, памяць! Неруш Белавежы

Кальне у сэрца: дзе той дзень спякотны,

Башкірскі стэп, кавыльнае бязмежжа,

Над рэчкай Дзёмай птах-пяюн залётны?

 

Ах, памяць, памяць! Шчасця міг кароткі

Не меркне ў снах ружовакрылым дзівам,

Калі на Захад гоніць хмар чародкі

Вятрыска — цёплы подых Курасівы!..

 

Відаць, пара збірацца ў падарожжа

Туды, адкуль назад няма звароту,

Калі Ты ёсць, прымай нябогу, Божа,

Даруй грахоў салодкую гаркоту!..

 

Папраўдзе, я грашыў не больш за іншых,

Хаця з сумленнем не ішоў на здзелку,

Не пакланяўся ні Хрысту, ні Вішну,

А цалаваў жанчын, а піў гарэлку...

 

І не хаваўся ў цень беразаковы,

Цярпець не мог я выжлавай пароды,

Бог ратаваў ад міласцей кручковых,

Ад ласкі іхняе і ўзнагароды!..

 

Каторы раз мой выбар толькі ростань,

У пекле быў, у рай — не з той я сферы,

Да райскіх кушчаў яўна не дарос я,

Вось і блукаю вечным Агасферам...

 

А ты жыві, радкоў цудоўных аўтар,

І памятай: не любіць творчасць спрату,

Не толькі ёсць учора, ёсць і заўтра,

Не толькі ёсць здабыткі, ёсць і страты!

 

Таму мацней трымай чароўны ключык

Ад дарагіх знаходак і жамчужын!

Згадай: вярблюд жыве з адных калючак,

Хоць мае два гарбы, жыве — не тужыць!

 

1992


1992