epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ранак сталіцы

Вей, кастрычніцкі вецер!..

Над горадам юным,

Ледзь крануты зарой,

нараджаецца дзень.

Зябка лапкі птушыныя

кратаюць струны

Правадоў тэлефонных.

Здалёку гудзе

Басавіты гудок цягніка.

І трамваі,

Застаяўшыся ў парках,

імкліва бягуць

Між высокіх дамоў

да знаёмых ускраін,

Напаўняючы звонам

паварот на рагу...

Першым лёгкім марозцам

пабелены ранак,

Шалясціць пад нагамі

лісцвяная медзь,

Халаджавы прамень

рассякае світанак,

Дзень сталіцы ідзе,

повен новых прыкмет.

Гэта блізка, знаёма

і сэрцам прачута:

Веліч стромкіх калон,

вязь садоў і прысад,

Новых вуліц прасекі

і даўні закутак,

І прагнутыя дахі

паўразбураных хат.

Іх паспешна руйнуюць,

гарачым гудронам

Заліваюць мінуўшчыны сівай сляды.

І, знішчэннем стваральным

дарэшты натхнёны

Тут плануе работы

прараб малады...

Міма паркаў пажоўклых

і рыжых газонаў

На работу спяшаюцца людзі і ты.

Вунь дзяўчаты

у сініх камбінезонах

На мурах высачэзных

займаюць пасты.

Вунь зубастым каўшом

праразае канаву

Экскаватар

праз глей першародных пластоў,

Жылы сінія труб

ад далёкай Дашавы

Дзень за днём

пакараюць вярсту за вярстой...

Вунь высока пад дахам

у хісткіх калысках

Аздабляюць фасады

майстры-маляры...

А бялявыя хмаркі

над сонечным Мінскам

Праплываюць

па сіняй прасторы ўгары...

Вей, кастрычніцкі вецер!..

Барвянае лісце

Раскідай па зямлі,

як даніну красе.

Глянь, як горда жыве

маладая сталіца,

Як шчасліва

плады сваёй працы нясе...

Прыгажуня-сталіца!

Упартаю сілай

Цябе з попелу рукі сыноў узнялі,

Што крывёй сваёй,

потам сваім арасілі

Камні бруку твайго,

мякаць вогкай зямлі.

Вось яны:

землякі, беларускія людзі,

Закаханыя ў працу,

зямныя наскрозь,

З-пад рукі,

што натруджана

дойлідствам будзен,

Сочаць шлях спадарожніка

ў глыбі нябёс...

Вей жа, вей несціхана,

кастрычніка вецер,

Над зямлёй маладой,

над радзімай людзей,

Што насустрач ідуць

той шчаслівай прыкмеце

Дзе зарой камунізма

займаецца дзень.

 

1958


1958