epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Расія

1
2
3


1

Расія! Вечна ззяе над табою

Святлістых дзён праменная пара.

Ледзь толькі згасне вечар за Нявою,

А ўжо ў Амуры плешчацца зара.

 

Расія! Ты Кастрычніка зарою

Прынесла сонца ў наш пахмурны край.

Спяць вечным сном твае сыны-героі

Ў краіне Буга, Нёмана, Дняпра.

 

Скажы, Расія, ці змаглі б адны мы

Адбіць нашэсцяў белую чуму,

Калі б усіх у дружную сям’ю

 

Ты не звяла пад сцяг адной Радзімы?

Калі б плячо ў плячо ў агні і дыме

Мы не пайшлі па закліку твайму?!

 

 

2

Хіба не ты ў гадзіны чорнай скрухі

Дапамагла атрэсці пыл руін,

Падаўшы нам братэрскай дружбы рукі,

І хлеб, і соль, і сталь сваіх машын?!

 

Багаццем працы, розуму і духу

Ці быў абдзелен брат твой хоць адзін?

Таму і ўстаў над попелам разрухі

Мой край, стаптаны ў час ліхіх гадзін.

 

Таму, Расія,— дойлідаў дзяржава,

Апора ўсіх народаў і плямён,

Высокай праўды воля і закон,—

 

Нясуць нашчадкі партызанскай славы,

Як найвышэйшай шчырасці праяву,

Табе падзяку, вернасць і паклон.

 

 

3

Цвітуць сады ў адроджаным Палессі,

Шумяць палі над Сожам і Дняпром,

Гучаць для ўсіх твае, Расія, песні,

Як першы дождж вясны,

як першы гром.

 

Спяваюць іх і муляры, і цеслі,

Ўсім людзям працы іх матыў знаём.

Мы іх на вышкі буравыя ўзнеслі,

Мы ў шахты іх, як хлеб, з сабой бяром.

 

І хоць на мове Коласа й Купалы

Мы пазнавалі свет, жылі, раслі,

Нам роднай моваю і тая стала,

 

Якой вучыў нас мудрасці Ільіч.

З табой, Расія, душы мы з’ядналі —

Сыны адной сям'і, адной зямлі!

 

1972


1972