epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Размова ад душы

Мы праехалі ці мала станцый,

Ці адну мы прыстань праплылі?!

Зіхацяць азёры светлым глянцам,

Збажыной хвалююцца палі.

 

Рэкі рукі ў поціску злучаюць,

Мора з стэнам гутарку вядзе,

Гонкі лес у пустках вырастае,

Караван у горы шлях кладзе.

 

Поезд часу у няспынным руху

Да Вялікай станцыі бяжыць.

Не паспеў — адстанеш, бедны духам,

На паўстанку сонечнай мяжы.

 

Адчыніце вокны дню насустрач,

Хай выходзіць пакаёвы чад!

Навальніцу родзіць вецер шустры,

Сонца росціць пладавіты сад.

 

Свет прасторны, светлы і шырокі,

Вабіць вока ясны далягляд.

Мы кладзем у Будучыню крокі

Без аглядкі боязнай назад.

 

Нам ісці і радасна і проста.

Дзе яна, імкненняў нашых грань?

Чалавек наш — волат буйным ростам,

Ростам мыслі і вялікіх спраў.

 

На яго раўнуюцца народы

Ўсіх плямён прыгнечаных і рас.

Ім нясе святло надзей уводдаль

Нашых дзён гарачая пара.

 

Узнялі мы ўгору шмат паверхаў

На падмурку бацькаўскіх будоў.

Дык не будзем аглядацца зверху,

Сыпаць попел ганарыстых слоў.

 

Нам прыпала ўсё спытаць і вызнаць:

Гора страт, навалы грознай час.

Ўсе шляхі вядуць да Камунізма,

І няма другіх шляхоў у нас!

 

Трэба будзе — зноў за плечы ранцы,—

У паход не ўпершыню ісці.

Нам яшчэ праехаць многа станцый,

Не адну нам прыстань праплысці!

 

1955


1955