epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Развітанне

Пад сонцам высокім

Срабрыстаю птушкай

На захад, на захад

Ляціць самалёт...

Бывай, маё шчасце,

Ні болю, ні смутку

У сэрцы, працятым

Табой навылёт.

 

Над горнай градой,

Над тайгой

І над стэпам

Твой шлях пралягае

Далей і далей,

А я застаюся

На ўскраіне свету,

Дзе снег замятае

Маленькі твой след.

 

Плыве самалёт

У блакітнай прасторы

І горы, і рэкі

Мільгаюць пад ім.

Цябе я убачу

Не скора, не скора,

А можа не ўбачу

Ніколі зусім.

 

Гарняцкую долю

І сціплую славу,

Пачэсную, цяжкую

Працу сваю,

Як песню, праношу

Праз штрэкі і лавы,

Як мужнасці песню,

Я ўголас пяю.

 

Грымяць малаткі,

Працінаючы ўрубам

Упартых парод

Непадатлівы пласт.

Мацнее ў рабоце

Мужчынская дружба,

Трывала і мужна

Згуртоўвае нас.

 

Паўночнай зары

Ружаватая сцюжа

Праменнямі мосціць

Дарогу к вясне,

Сыходзяцца людзі,

І любяць,

І дружаць,

Як водзіцца ў свеце

 

Ў любой старане.

Бо сэрца не камень,

І цёплая ласка,

Як хлеб наш надзённы,

Патрэбна яму.

Так ты прамільгнула

Вясёлаю казкай,

Як вецер вясны,

Што праводзіць зіму...

 

Што ж, мілая, зробіш,

Што ж, мілая, скажаш,

Калі аддзяляюць нас

Тысячы вёрст?

Я працы, турботаў

І шчасця паклажу

Нясу, не сагнуўшыся,

Людзям наўпрост.

 

Я вершы пішу

Пасля змены на шахце,

Хоць гул аманіту

Стаіць у вушах.

Здаецца мне,

Крок твой

За шыбай прашастаў

І ціха гаворыць

З душою душа...

 

І свет велізарны

Прыціх на хвіліну,

І посвіст шалёны

Спыніла пурга...

Ты спіш ціхамірна

Пад небам Айчыны,

І месяц, як кот,

Прыкархнуў у нагах...

 

Што ж, мілая,

Ўсё можа стацца на свеце,

Здалёку памылкі

Яскравей відны.

Я рад, што жывём

На адной мы планеце

І дыхаем

Чыстым паветрам

Адным.

 

1948


1948