epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Рэха

Люблю я Мінск вячэрні ў час сутоння,

Калі яшчэ не паляць ліхтары,

І шорхат шын, і бег машын нястомны,

І водбліск хмар барвяністы ўгары;

 

І ў парках крокаў лёгкіх таямнічасць,

І смеху беспрычыннага усплёск,

І танец язычкоў агністых зніча,

Дзе памяць сцеражэ герояў лёс.

 

І неяк сумна з адзінотай знацца,

Глядзець здалёк, як паміж ліп старых

На лаўках сны пенсіянерам сняцца...

 

Мне ж свеціць з высяў ветаху абрыс,

І клічуць рэхам даўняга юнацтва

Рамантыкі блакітныя вятры.