epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Рэспубліка маладая

Штодня прачынаецца буднічны ранак,

Жыццё пачынаючы зноў;

Расплюшчваюць вокны павекі фіранак,

Дзень повен жывых галасоў:

У спевах гудкоў, перазвоне трамваяў

Я чую, як дзень працавіты вітаеш,

Рэспубліка маладая!

 

Абмытая ветрам, начною расою,

Павевам ружовай зары,

Ты, гордая юнай і свежай красою,

Завеш працаваць і тварыць!

Майстроў, кавалёў і руплівых ратаяў,

На подзвіг вялікі, як маці, склікаеш,

Рэспубліка маладая!

 

І мы на твой заклік адказваем смела:

Гатовы, ты толькі скажы,

Муры пяцігодкі узводзіць умела,

Грудзьмі бараніць рубяжы!

Хай злая навала цябе абмінае,

Хай скрухі народ твой ніколі не знае,

Рэспубліка маладая!

 

Дзе твар твой палоскамі быў зрубцаваны —

Адзнакай нядолі цяжкой,—

Скасуем мы межы, засеем старанна

Зямлю збажыной залатой!

Хай плён небывалы тваіх ураджаяў

Даверху засекі твае напаўняе,

Рэспубліка маладая!

 

Твае аграномы, твае сталявары,

Твае машыністы, твае цесляры,

Мы яваю зробім, што снілася ў марах

Табе з дзён далёкай пары!

Няхай над табою свабодна лунае

Сцяг партыі нашай ад краю да краю,

Рэспубліка маладая!

 

1930


1930