epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Роздум

Наталлі Пятроўне, дачцэ

 

Мне восемдзесят сем. Дваццаты век

Дабіць да ручкі вырашыў я цвёрда,

Хоць, можа, мне даўно пара ў кювет —

Пакрышкі колаў сцёрліся да корду.

 

Магу й не трапіць я на той каўчэг,

Што будзе плыць у марсіянскім небе.

І сапраўды — мне тут куды ямчэй,

Зямному старцу, на бацькоўскай глебе.

 

Табе ж ва ўсёй красе ў трыццаць год

Ступіць за грань двухтысячнага года

Без перашкод, без страшных тых згрызот,

Што сталі доляй горкаю народа!

 

Злачынцаў знойдзе кара і канец.

Дух ачышчэння вее. Чутны крокі.

То Страшны Суд ідзе (таксама Тройка!) —

Бог-Дух Святы, Бог-Сын і Бог-Айцец!

 

Не, мы жылі на свеце нездарма!

Праз век пакут, праз войны і пажары

Пранеслі мы аб Будучыні мару,

Якой цяпер ні ў нас, ні ў вас няма.

 

І ўсё ж крыху зайздрошчу юным вам,

Хто будзе соткі абрабляць на Марсе,

Чыя балець не будзе галава

За форсу крах і за крушэнне фарсу.

 

Вас, юных, вабіць прага навізны.

Ты шпацыруеш сёння па Берліну...

Вазьмі на памяць мне драбок Сцяны,

Што з аднае зрабіла дзве краіны...

 

Мы й самі — як шчадрынскі унтэр той,

Што падзяляў на дзве паловы людства,

Дзе на адной — сам-насам ён, герой,

А на другой — астатняе паскудства...

 

Заселі рыфмы ў горле камяком,

Пішу, а сэрца б’ецца ў рэбры порстка,

Не падсілкуеш верш каравяком,

А рыфмаў строй, як яблыньку, кампостам!

 

Табе ж гасціць да восеньскіх дажджоў

У куртуазным горадзе Бруселі,

Дзе НАТА штаб, што матам крыў Хрушчоў

Пасля няўдач кубінскай каруселі.

 

Грызе згрызота, нібы мыш таран:

Няўжо мы гэтак густа абруселі,

Што бакалаўры едуць аж з Бруселя

Да нас вучыцца мове расіян?!

 

Што зробяць тут Гілевіч ці Пазьняк?

Іх голас — крык адзінак у пустыні,

Там, дзе ідзе шальмоўская гульня,

А ў банку — лёс знявечанай Айчыны!

 

Дык што мне тыя космакараблі,

Дык што мне тая мова марсіянаў,

Калі маю ды на маёй зямлі

Так дружна топчуць ботам падкаваным!

 

А нейчы голас шэпча мне: маўчы!

Няўжо ГУЛАГам шыю не намуляў?

Яшчэ не ўсе падохлі стукачы,

І нехта ўпотай адлівае кулю...

 

А ты хутчэй вяртайся ў родны кут,

Хай спадарожны вецер дзьме з Ла-Манша.

Лепш, чым нуда ў падстрыжаным садку,

Збіраць апенькі ў пушчы між ламачча.

 

Мы са старой век дбалі нездарма:

Набыта ўжо й разбітае карытка,

Ёсць залатая (у тамаце) рыбка...

Вось толькі мора сіняга няма!

 

1993


1993