epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ружовая чайка

Праплывае ўдалеч белых хмарак стайка,

Дагарае дзень аранжавым святлом.

Распасцерла крылле ружовая чайка

Над вадой сцюдзёнай рэчкі Амалон.

 

Блізка тае плыні асакі ручайкі

Слаліся пад ногі зморанай хадзе.

Пераліўным пер’ем ружовая чайка

Непаўторны цень губляла на вадзе.

 

Я блукаў па свеце. Дудкай-самаграйкай

Услаўляў жыцця зямное хараство.

І таму, спаткаўшы ружовую чайку,

Адхіліў убок я варанёны ствол.

 

У наносах галькі, у жвірах затокі

Я шукаў чароўны камень-самацвет,

Сябраваў з вятрамі, ваяваў са спёкай,

І дажджы касыя мой змывалі след.

 

Асалоду ўдачы мне дарыла дайка —

Выкапень багаты я ў руках трымаў.

Паднімаў я вочы — ружовая чайка

Падала насустрач з-за махрыстых хмар.

 

Ты скажы мне, хто ты? Першатвору зданне?

Зарыва асколак? Золака святло?

Можа, пралілося бліскавіцы ззянне

Водбліскам халодным на тваё крыло?

 

Падсцярог я чайку ў зарасніку вогкім.

Не здружыўся з клеткай ружакрылы птах:

Знік дзівосны колер успамінам лёгкім,

Казачнай маною на маіх вачах.

 

Ці не так юнацтва белых хмарак стайкай

Праплыве і сталасць пасярэбрыць скронь?

Толькі часта будзе сніцца тая чайка

Над вадой сцюдзёнай рэчкі Амалон...

 

1949


1949