epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сабака ў люстры

Пра гэта, мусіць, ведае ўсялякі,

Што не існуе без грызні сабак,

І нават, кажуць, грош цана сабаку,

Што ўхаластую брэша, як дварняк.

 

І вось аднойчы псіну-небараку

Да люстра падвялі. І што ж дзівак?

Ашчэрыў іклы грозна і... ў атаку!

Ледзь пенай злосці не сышоў, бядак.

 

Тут бег выпадкам знекуль кундаль гнаны.

Зірнуў, спытаў: ты брэшаш на каго?!

 

Мараль: бывае й з намі нечакана,

Хоць прызнаваць не хочам мы таго:

Свае ў другім пабачыўшы заганы,

Мы, як на люстра, брэшам на яго!