epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сакавік

Дзіця вясны — празрысты сакавік —

Па капілярах дрэва гоніць сокі.

Ці чуеш ты гартанна-шчасны крык

Над чысцінёю сіняе пратокі?

 

Забудзь усё — свет радасцю вялік,

Скіруй насустрач сонцу лёгка крокі.

Парві няўдачы першай чарнавік,—

Надзеі голуб зноў ляціць высока!

 

Зірні, вятры палошчуць пакрысе

Аўчынкі хмар бялява-кучаравых,

Зямля ад сну ўстае ва ўсёй красе

 

Кругазваротам вечна новай з’явы.

Сумуй па светлых днях, як па расе

Сумуюць ледзь разбуджаныя травы!