epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сакавік

Сакавік на зыходзе.

Пазвоньваюць кроплі вясны.

І, падталыя, з дахаў жалезных ляцяць ледышы.

Разбіваюцца ў шкельцы

празрыстых драбочкаў яны,—

Воку бліскаўкі сонца

ў крышталіку кожным відны...

Гэта голас вясны —

неспакой і трывога ў душы,

Гэта песня вясны —

крыгаходы Дняпра і Дзвіны...

Сакавік на зыходзе.

Пагульваюць жвава вятры,

Маладыя вятры

маладой і нясмелай вясны.

Гэта чыстае-чыстае

мора блакіту ўгары,

Гэта сінія-сінія,

ў далечы дымнай, бары;

Гэта водар смалісты

ажыўшай пад сонцам вясны,

Аднаўленне

напоўненай таінствам вечным пары.

Сакавік на зыходзе.

Трымценнем залочаных струн

Дорыць сонца праменне

разбуджаным далям зямным.

Сотні сот ручаін

сакавік — журкатлівы пяюн —

Абудзіў да жыцця

і пагнаў іх струменьчыкі ўгрунь;

З плеч атрос цёмны снег,

як цяжкія зімовыя сны,

І шпачыную песню завёў

весялун-гаварун...

Сакавік!..

Прыкладаю руку да вачэй казырком

І ўглядаюся ў твар

вечна юнай нястомнай зямлі,

А над ёю плывуць

белабокія хмаркі гуськом,

І спрабуюць свае галасы берасцянкі крадком,

І асілкі-зубры —

беларускіх лясоў каралі —

Гучна трубяць,

працятыя шалам любоўным суздром.

 

Адчуваннем Радзімы напоўнены думкі мае,

Прадчуваннем грымот

навальніцы яе маладой;

Сваім цёплым дыханнем мне сэрца яна сагрэе;

Я вялікай сыноўскай любоўю

жыву для яе,

І ў яшчэ неапераным голлі

яе нерасцвіўшых садоў,

Салавей, што яшчэ не вярнуўся,

мне песню пяе...

Гэта я так спяшаюся жыць.

Абганяе ж мяне,

Нібы пешага коннік,

вялікага часу хада.

Веру я:

залатая дзянніца вясны

не міне,—

Праляціць,

прагрыміць

і ласкава плячо закране,

Скажа ціха:

«Стаміўся, стары?

Аддыхні — не бяда!

Дзён тваіх яшчэ шмат,

не растрачаных марна раней!»

Так і будзе:

зірні,

загаіўшы глыбокі свой шрам,

Каляіны вялікіх шляхоў

пракладае наўсцяж

Віцязь Працы,

што шчыт свой аздобіў адбіткам зубра;

Пурпуровы дыван

яму сцеле пад ногі зара,

І вядзе яго цвёрдай рукою

насупар вятрам

Майстра часу і шчасця —

Вялікі Садоўнік жыцця!

 

1966


1966