epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Салодкі сон

Трэба ж прымроіцца гэткай назоле?!

Вочы пратрэш, а яна ўсё вярзецца:

Быццам не ў лагеры я, а на волі;

Дзе мне падзецца, падшукваю месца.

 

Месца няма. Толькі ў царстве звярыным

Бачу я згоду і суіснаванне.

Неба падсіненае аквамарынам,

Рання ружовага ціхае ззянне...

 

І ні канвою за мной, ні пагоні,

І ні брахні азвярэлых аўчарак;

Краскамі ўслана зялёнае ўлонне,

Гнёзды ладкуюць птушыныя пары.

 

Леў утаймоўшчыку ліжа далоні,

Быццам ільвіцы чароўную лапу;

Зайчык з лісічкай дурэюць пад кронай,

Воўк жарабятка цалуе у храпу;

 

Трус даўгавухі з удавам стракатым

Дрэмлюць, скруціўшыся ў колца жывое,

Туліць рысіха да сэрца ягнятка,

Нібы сваё рысянятка малое;

 

Пчолкі, расклаўшы духмяныя соты,

Ў госці мядзведзя з мядзведзіхай просяць;

З неба сцярвятнік зляцеў і ў ахвотку

Дружна дзяўбе з кураняткамі проса;

 

Кот, закаханы па вушы у мышку,

Дзёрзкае нешта варкоча паціху,

А парсючок маладзенькі ў зацішку

Рохкае — ўлашчвае любку-ваўчыху;

 

Бог-Усявышні з Люцыпарам-чортам,

Сеўшы на мяккую срэбную хмарку,

Па халадку ў цішыні надвячорку

Дружна куляюць за чаркаю чарку;

 

Двое вусатых (абое рабое!)

Рэжуцца ў карты (а ў банку — планета!),

Дзелячы выйгранкі паміж сабою:

Гэта — табе, гэта — мне, гэта — ў гета!..

 

Ціха і мірна, прасцей, ціхамірна

Жыў свет наўкольны, звярыны, раслінны,

Толькі вось людзі варожа, настырна

Пырскалі злосці атрутнаю слінай...

 

Божа, мой Божа, наслаў ты страхоты!

Спаў бы я вечна, не бачыўшы гэта:

Смерць гаспадыняй гуляе за дротам,

Вышкамі затычкавана паўсвета!

 

Годзе! Развеецца час той агорклы,

Люд патрабуе рашуча адбою:

Хопіць той сыці па самае горла,

Што ахрысцілі мы паміж сабою

Класаваю барацьбою!

 

1949—1990