epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Самародак

Пургі ікластай сіверную зграю

На час забуду ў шахце пад зямлёй,

Дзе я, упарты, ўжо даўно шукаю

Высокай пробы самародак свой.

 

Прайду кайлом па залатому спаю,

Што закаваны вечнай мерзлатой,

Знайду яго — я гэта цвёрда знаю —

Знайду, бо веру ў лёс вязучы мой!

 

...Гады сплылі разгоністай паводкай.

Мне больш парод мярзлотных не крышыць.

Як хмар чародкі, зніклі аднагодкі.

 

Згадаю: ў горле штосьці запяршыць...

Я не шукаю болей самародка,—

Ён побач, тут, на дне тваёй душы!