epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Шчасце

I
II
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV


I

Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны

Ад шчасця запаветныя ключы,

Свой беспрасветны век чужыя гоні

Крывенькаю сахою аручы.

 

І чатыром сынам у хвілю скрухі

Ён загадаў самім шукаць свой шлях

Да тых ключоў. Лягла навекі пухам

Яму на грудзі слуцкая зямля.

 

Па дзесяціне выпала на брата,

Калі сканаў прыгон, а з ім і дзед.

Адрокшыся ад спадчыны «багатай»,

Пайшоў па шчасце бацька ў белы свет.

 

 

II

Папрацаваць на ўсіх хапіла сілы,

Праліць на ўсіх салёных сем патоў:

На графаў Чапскіх, і на Радзівілаў,

І на падпанкаў дробных, і паноў.

 

Так бальшаком у тыя дні глухія

Па шчасце ў Мінск губернскі ён прыйшоў.

Дваццаты век займаўся над Расіяй,

Прадвеснем грозным будучых баёў.

 

Цягаў бядак і гліну і каменне,

Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць,

Каб, жывучы ў паўзмрочным сутарэнні,

Умець другім палацы будаваць.

 

 

ІІІ

Так стаў батрак рабочай справы майстрам.

Хоць працаваў і дзень і ноч, аднак

Не заваляўся ў пашарпанай кайстры

На чорны дзень зароблены мядзяк.

 

Так і лавіў бы ёy жар-птушку шчасця —

Працуй, працуй, а гол як той сакол...

Ды цар паслаў ад лютае напасці

Абараняць Расію і прастол.

 

Па-царску шчодра быў узнагароджан

Салдат за службу, за крывавы пот,

Японскай куляй у чацвёртым годзе,

Курлоўскай куляй акурат праз год.

 

 

IV

Прайшоў і ён пад той жалезнай аркай,

Дзе быў студэнт павешан малады,

На тры гады пакінуўшы мулярку

Ды распазнаўшы, з кім ісці й куды...

 

Няхай жыццё згінала цяжкай працай,

На мінскім бруку грукаў першы крок

Рабочых непахісных дэманстрацый,

Свяціў баёў наступных аганёк...

 

Людскога гневу выбухі глухія

Зноў закіпалі жорсткай барацьбой,

Ўздымалася рабочая Расія

На бой за шчасце, на астатні бой...

 

 

V

Бег час. Прыйшоў у цернявым убранні

Год чатырнаццаты, злавесны год.

Ізноў, закінуўшы за плечы ранец,

Пайшоў салдат на кайзера ў паход.

 

Быў так патрэбен кайзер той салдату,

Як, скажам, цюцьку пятая нага...

Былі ў салдата дзеці, жонка, хата,

Прыйшла туды смяротная туга.

 

І чатыром сынам малым у час той

Сказаў салдат, слязы прагнаўшы муць:

— Шукайце, хлопцы, самі сваё шчасце,

Калі мне трэцяй кулі не мінуць...

 

 

VI

Быў лёс вайны на ўдачы не багаты,

Дарыў пе часта поўным кацялком.

Прайшоў салдат ад Віслы да Карпатаў

Са сто трыццатым Кобрынскім палком.

 

Хоць адчыняў не раз чужыя дзверы,

Не ўбачыў шчасця і ў чужых дварах,

Паразгубіўшы ўшчэнт сляпую веру

І ў бога і ў нягеглага цара.

 

Узнагароджан быў і тут багата

(Такі вайны няпісаны указ)

Не куляй, дык асколкам ад гранаты,

Ды выжыў неяк і на гэты раз.

 

 

VII

Быў месяц люты памятнага года,

Чацвёрты год бязглуздае вайны.

Расія, ўмытая крывёй народа,

Чакала шчасця, міру і вясны...

 

Пакінуў мулкі лазарэтны ложак

Салдат, каб зноў і зноў ісці-брысці

Па тых, вайной разбітых раздарожжах,

Дзе праўды сэнс адразу не знайсці...

 

І вось пайшло акопнае братанне,—

Братазабойства — ўсім адна бяда!

Кулём зляцеў цурбан каранаваны,

Цяпер да шчасця ўжо рукой падаць!..

 

 

VIII

Цяпер да шчасця простая дарога,

Дыміцца парай цёплая ралля...

Страчай, страчай кульгавага нябогу,

Радзімы блаславенная зямля!..

 

Таптаная чужым каваным ботам,

Варонкамі, як воспаю, наўсцяж

Пабітая, аплеценая дротам,

Жывая для жывых і для жыцця...

 

О бацькаўшчыны мілай цёплы вецер!

О пахкі дым ад мілых, родных хат!

Начуючы то ў лесе, то ў кювеце,

Дадому рушыў змучаны салдат...

 

 

ІХ

Ды не дайшоў. Навіслі хмары здрады —

Нахмурыў лоб салдат і зубы сцяў.

І стаў у строй з рабочым Петраградам

Пад ленінскі, пад бальшавіцкі сцяг.

 

І мужнасць увайшла агнём у сэрца,

І налілася сілаю рука,

Каб у рашучай бітве біць да смерці

Дзянікіна, Пятлюру, Калчака

 

І легіёнаў зграю белай масці,

Што зноў ярмом прыгнула вольны люд...

...Так веку чвэрць ваюючы за шчасце,

Ступіў баец на родную зямлю.

 

 

Х

Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі

Хто не адчуў, сустрэўшыся з табой?!

Зямля, палітая крывёю продкаў

І нашчадкаў гарачаю крывёй!..

 

Яшчэ дыміўся горад зруйнаваны

Кварталамі, згарэлымі датла...

Захараўская вуліца крывая

Да Камароўкі бацьку прывяла...

 

Вось ён ужо ў падслепаватай хаце...

Заселі словы ў горле — што сказаць?

Як выраслі сыны, зблажэла маці!..

Ты згінь з вачэй, праклятая сляза!..

 

 

ХІ

Прыйшло, прыйшло цяпло скупога шчасця,

Не таннага, не лёгкага, твайго!

«Арцель» на працу выпраўляе маці:

І майстра і памочнікаў яго...

 

Работы шмат, працуй, народ, на славу,

Кладзі падмурак новага жыцця!

Сталіца навароджанай дзяржавы,

Ўздымай высока свой дзяржаўны сцяг!..

 

Тваіх здабыткаў ворагу не скрасці,

Як не спыніць нястрымны часу рух,

Твайго крывёй акропленага шчасця

Не вырваць больш нікому з мужных рук!..

 

 

XII

Краіна йшла з уздыму да уздыму,

Авеяная подыхам вясны...

І, расхінуўшы крылы маладыя,

Па свеце разляцеліся сыны.

 

Не дачакаўся ў гэты час суровы

Стары шасцідзесятае вясны,

Знайшоў спакой на могілках вайсковых,

Адваяваўшы спраўна тры вайны.

 

Заснула вечным сном старая маці,

Патух нявыплаканых слёз агонь...

….................................................................

...Дык што ж? Канец аповесці аб шчасці?

І аб нялёгкіх пошуках яго?

 

 

XIII

Не. Зноў сустрэла чорную навалу

Радзіма шматпакутная мая,

Каб у астатняй бітве небывалай

Зямлю бацькоў грудзямі адстаяць.

 

І адстаяла, каб змаглі унукі

Палац падзей людскіх дабудаваць,

Каб будучыню ў маладыя рукі,

Як эстафету шчасця, перадаць.

 

Каб ярка ззяла сонца камунізма,

Каб далягляд надзеямі яснеў,

Каб выбіць зброю з рук у тых, хто трызніць

Аб спусташальнай атамнай вайне.

 

 

XIV

Ты мімаволі забываеш часта,

Мой юны друг — чытач маіх радкоў,

Што недарма к табе прыходзіць шчасце,

Цана яму — жыццё тваіх бацькоў.

 

Іх кроў і пот, іх праца і змаганне,

Усё, чым надзяліў суровы век,

Аддадзена, каб нёс ты горда званне

Вышэйшае з высокіх — Чалавек!

 

Само не будзе стукаць шчасце ў дзверы,

На ўтульны аганёк не забрыдзе,

Яно ў нязгаснай сіле нашай веры,

Яно заўжды паперадзе ідзе.

 

1960


1960