epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сябрам

Памяці А. Астрэйкі

 

Ужо раллю астылую скародзіць

Вятроў прамоклых апантаны рух.

Сябры мае патроху адыходзяць,

Усё радзей іх нешырокі круг.

 

Праб’е мая гадзіна. Скажа: годзе,

Адбушавала ў гуле завірух

Тваёй крыві густое калаброддзе —

Змірыся ў цуглях, неўтаймоўны дух!

 

Найшлі сябры. Ды толькі песень рэха

Яшчэ не скора далеч праглыне.

Збуцвее ліст, і лёд абдыме рэкі,

 

А ўсё адно зярнятам зарунець,

Калі наставіць сонечныя вехі

Вясна па свежай цёплай ярыне.