epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Шлях да цябе згубіўся між туманаў..."

Шлях да цябе згубіўся між туманаў,

Цяпер яго нялёгка адшукаць,

Але далёкім вобразам аддана

Мая душа і сэрца і рука.

 

І ты між іх, як светлая камета,

Раптоўна ўразіш сіні далягляд,

Каб асвятліць забыты шлях паэту,

Каб абудзіць замоўклай песні лад.

 

Няма звароту! З думкай той я звыкся

Хоць і ляціць яна туды, наўпрост,

На берагі, дзе бронзавыя сфінксы

Панура сцерагуць чыгунны мост.

 

На берагі, дзе з Ладагі сцюдзёнай

Нясе вясна абломкі крыг Няве,

Дзе ля высокай белае калоны

З табою мы рассталіся навек...

 

1946


1946