epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сланік

1

Жыхар тайгі, ўладар бясконцых сопак,

Вечназялёны, вечнамалады,

Здружыўся ён з марозамі і спёкай,

Знаём яму пажараў горкі дым.

 

Даў прашчур-кедр яму такую долю:

Ні пышнае кароны, ні ствала.

Ідзе зіма — ён голле сцеле долу,—

Хай саграе халодная зямля!

 

Гудзе завей паўночнае пасланне,

Кладуць вятры сумёты на сумёт,

Пад снегам дрэмле неўміручы сланік,

Вясновых дзён пільнуючы прыход.

 

Ці раз цябе, палярніка, касіла

Дарогі змора папалам з цынгой?

Ты ажываў, п’ючы жывую сілу,—

Яго смалы гаючае настой.

 

Павее першым подыхам прадвесня,

Праводзяць крыкам кедраўкі зіму,—

І ўжо яму пад снежнай коўдрай цесна,

І ўжо няймецца ў цішыні яму.

 

Ён устае, да сонца ўзняўшы рукі,

Зляжалы снег страсаючы, як сон,

І прэч бягуць упоцем завірухі

Пад дружным націскам наступных дзён.

 

Ці ж мы, сябры, не йшлі над шум завеяў,

Схаваўшы ў сэрцы шчырасць пачуцця,

Насустрач дням нябачаных падзеяў,

Насустрач сонцу праўды і жыцця?

 

1949

1 Сланік – карлікавы кедр. На зіму сцеле голле долу; прадчуваючы вясну, узнімае яго з-пад снегу насустрач сонцу.


1949