epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Слаўлю жыццё

Мы з табою справілі заручыны

На зары далёкае пары.

Паварот дарогі пальцам скурчаным

Тыча ў грудзі цёмнае гары.

 

Там мігценне захадаў аранжавых,

Смелы росчырк надаючых зор,

Там у небе над вяршыняй кражавай

Велічны арлан нясе дазор.

 

Там ізюбр, увесну панты скінуўшы,

Водзіць самку ў дзікім гушчары,

Ноч ідзе на досвітку да фінішу,

Дзень страчаюць спевам снегіры.

 

Прыпадзі, душа мая, к падножжам тым,

Дзе крыніцы пачынаюць шлях,

Прыкладзіся вухам насцярожаным,—

Чуеш? Вольна дыхае зямля!

 

Гэта ёй ты ўся навек аддадзена

Чысцінёю дум і пачуцця,

Гэта з ёй даўно умова складзена:

Жыць і славіць кожны дзень жыцця!

 

1954


1954