epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

След

Усё ў жыцці свой пакідае след.

І нават мімалётная сустрэча

На момант засланяе цэлы свет

З неразбярыхай лішніх слоў і рэчаў.

 

Я і цяпер удзячны таму дню,

Калі адчуў, зірнуўшы нібы ў студню,

У воч тваіх такую глыбіню,

Што не забуду і па дзень свой судны.

 

Калі табе такі адпушчан дар,

Шчаслівай будзь, прыгожая жанчына!

Я патушыў вар’яцкі той пажар,

 

Хоць тлее памяць аганьком лучыны.

Быць можа, ты, адна з маіх ахвяр,

І ёсць трывожных сноў першапрычына!