epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Слова

«В начале бе Слово».

Біблія

 

Я вам так скажу, панове

(Па-расійску «господа»),—

Што было спачатку Слова,

А пасля была бяда.

 

Не марксісцкая выснова —

Старадаўні запавет:

Напачатку ўсё-ткі Слова,

А пасля з’явіўся Свет!

 

Даў Бог людзям сілу Слова,

А жывёлам немату.

Пазбягайце ж слова злога,

Злога духа за вярсту!

 

Словам здрадзіў Богу Юда,

Чым паслаў яго на крыж.

Абяцалі Словам цуды

Нам ці раз правадыры!

 

З іх адзін прызначыў дату

Пераходу ў райскі сад.

Не паспеў. Сябры сабрату

Далі выспятка пад зад!

 

Заключылі двое змову

(І ні вечка ім, ні дна!),

Напачатку — зноў жа Слова,

А пасля была вайна!

 

Доўга жыў тыран суровы,

Не гарланіх, не базлаў,

А паціху мовіў Слова,

А пасля на плаху слаў...

 

На зямлі нашай вялікай

Жыў герой малой зямлі,

Ён жаваным Словам клікаў

Ў развіты сацыялізм.

 

Гэта ён сыноў галовы

Слаў на згубу ў горны стан:

Напачатку — словы, словы,

А пасля Афганістан...

 

Быў гарлан перабудовы,

Меў без прывязі язык.

Напачатку толькі словы,

А пасля быў гучны пшык!

 

Быў шматтысячны парламент

Словы рэкамі плылі,

Ды сплылі... Пачаўся лямант

Кулакі у ход пайшлі!

 

Быў чэчэнец чарнабровы,

Стаў на сцежку Шаміля.

Зноў жа напачатку словы,

А Лефортава пасля...

 

Есць і ў нас сваёй гадоўлі

Свой парламент гаваркі,

Толькі люду цяжкай долі

Ад яго навар які?

 

Шмат законаў адмысловых

Тут затоптвалі штодня.

Напачатку — словы, словы,

А пасля адна грызня...

 

А як стала слоў замнога,

Перайшлі на рык і роў:

Паламалі злосна рогі

Найрахманаму з зуброў!

 

Я вам так скажу, панове,

Што заўважыў кагадзе:

Стане ў горле косткай Слова,

Быць сяму-таму ў бядзе!

 

1994


1994