epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Слова

Быццам плынь утаймаваных рэк

Прыпыніла раптам рокат бурны.—

Узышоў рабочы чалавек

Пад высокай столлю на трыбуну.

 

Без шырокіх жэстаў, ад душы,

З аганьком трывалага запалу

Льюцца словы... І такая шыр

Раптам уварвалася у залу!

 

Быццам вецер будучыні ўнёс

На праменным крыллі светлы лёс,

Што яшчэ не сніўся чалавеку.

 

Гэта мовай простай і зямной,

З кожнай чалавечаю душой

Размаўляе сёння мудрасць веку.