epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Смерць Андрэя Блажко

Памяці дукорскіх партызан

 

Там, дзе ўраджаі наўкол разлягліся

Жоўтымі хвалямі жытняга мора,

Там, дзе сады малахітавым лісцем

Ў сонечны дзень ахінаюць Дукору,

Мохам-травою пакрыта магіла

У лесе глухім паміж сосен пахілых.

 

Свежыя ветры над ёй пралятаюць,

Бурныя годы над ёю імчацца,

Новыя ў поле выходзяць ратаі

Класці барозны вялікаму часу.

Кожны з іх памяццю сэрца сагрэе,

Міма прайшоўшы магілы Андрэя...

 

Вось мы стаім маладыя, здаровыя,

Жалем спавітыя ў гэту часіну.

Ціха гаворыць Варвара Пятроўна,

Мужная маці, пра мужнага сына.

Шапкі здыміце, таварышы, дружна,

Слухайце мужнае слова аб мужным:

 

Дальнімі сцежкамі, морам і сушай

Ходжана многа матросам Андрэем,

Ветры марскія свісталі у вушы,

Білі з варожых бартоў батарэі,

А не зламалі ні штормы, ні буры

Духу нязломнага, гордай натуры!

 

Матчына сэрца не ведае страху,

Матчына радасць разбаўлена горам.

Вось і прыждала заморскага птаха,

Тройчы хрышчонага хвалямі мора,

Тройчы хрышчонага боем гарматным

Пад Петраградам і пад Кранштатам.

 

А на радзіме палі здратаваны

Ботамі панскімі, коньмі чужымі,

Ганьбай, няволяю дух скатаваны,

Землі набраклі крывёю радзімы.

Вось і пайшоў ён дарогай паўстання,

Слаўны Андрэй — камандзір партызанаў...

 

Хто яго спыніць і сілай якою,

Гневу народнага выбух магутны?

Не, Беларусі не быць пад пятою

Панскага бота, знявагі атрутнай!

Білі чужынцаў не раз партызаны,

Білі драпежнікаў — ката і пана.

 

Горам разбаўлена матчына радасць...

Хто спадзяваўся такое хвіліны?

Чорнай гадзюкай праклятая здрада

Выпаўзла ціха на досвітку сінім.

Зграя варожая злева і справа

Іх паланіла для жорсткай расправы.

 

Майскаю раніцай, досвіткам сінім,

Дротам калючым паскручваўшы рукі,

Сцежкай апошняй любімага сына

Ў лес павялі на астатнія мукі...

Вытрыце слёзы, Варвара Пятроўна,

Сын ваш загінуў смерцю героя.

 

Смерць гэту ворагу мы яшчэ ўспомнім,

Прыйдзе яшчэ для расплаты гадзіна!

Вытрыце слёзы, Варвара Пятроўна,

Мы ім адпомсцім за вашага сына!

...Імя Андрэя Блажко не сатрэцца,

Сэрца яго у грудзях нашых б’ецца!

 

1935


1935