epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сняжынка

Калі прамільгнеш ты знянацку

сняжынкай-пушынкаю,

Нібы растаўшы

наперадзе ў цемры начной,—

Стукае сэрца бязладна

разбітай машынкаю,

Пэўна, спружынка

зламалася ў клетцы грудной?!

 

Калі апаўночы заснеш ты,

скруціўшыся цёплым клубочкам,

Смешнае нешта лапочучы

у мяккім рахманым сне,—

Я не засну.

Мой рахунак яшчэ не аплочаны,

Доўга бадзягам бяздомным

па свеце блукаць яшчэ мне.

 

Нібы лунацік,

па небе вачамі я гойсаю,

Дзе ўсё спрабую

знайсці сваю зорку адну.

Хто цябе выдумаў,

зеленавокую, звонкагалосую,

Тую, хто ў гэтую зорную ноч

не дае мне заснуць?!

 

Спіш, а мне зрэнкі твае усё свецяцца,

свецяцца ўпоцемку.

Некуды ў далеч ружовую

гэтак спакусна завуць...

Ходзіць марозік —

крыштальныя цінькаюць боцікі,

Срэбныя цені

па белай пустэчы плывуць...

 

Хочаш — прачніся.

Я склаў табе казачку свежую,—

Не пра Кашчэя,—

пра горкай самоты гады,

Як над маіх летуценняў

паветранай вежаю

Прашалясцелі смяротныя крылы бяды...

 

Чуецца голас твой,

поўны іскрыстых смяшынак.

Злучана ўсё ў ім —

і золак ружовы відзён.

Ведаю:

трэба мне ўкрасці не момант хвіліны,

Трэба мне ўкрасці

вясёлку азораных дзён!

 

Ведаю:

трэба мне добрым, сардэчным

і ласкавым,

Дорачы ўсмешкі,

прайсці па зямлі да канца,

Дума аб шчасці

каб стала не выдумкай-казкаю,

Шчасце людское

каб стала законам жыцця.

 

Калі ты заснеш,

бесклапотная, смешная,мілая,

Сон прыкархне на падушцы,

нібыта варкотлівы кот,

Ўсё гэта шэпча мне поўнач маўклівая, стылая,

Шолахі ветру

і лёгкіх сняжынак палёт.

 

1947


1947