epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Соль зямлі

І
ІІ
ІІІ


І

Дрогкая, глуха і нема,

Сцелецца ноч вясны.

Зноў ажывае тэма

Даўніх вандровак зямных.

 

Вокны раскрыю насцеж —

Доступ хай будзе вясне!..

Побач соннае шчасце

Штосьці лапоча ўва сне...

 

Не, тут ніяк не збочыш —

Дужы, учэпісты быт!

...Вецер палярнай ночы,

Сівых туманаў клубы

Будзяць на самым світанні.

 

Ў шуме гагарыных крыл

Чуецца гул акіяну,

Контуры цёмных Курыл

Грозна ўстаюць з туману.

 

Бераг Ахоцкага мора,

Доўгачаканы прычал.

Высака лысыя горы

Неба ўзнялі на плячах.

 

Вокліч, як выстрал: «Палундра!» —

Катэр ляціць за борт.

Сопкі. За сопкамі тундра

Ўладна вядзе за сабой.

 

Дзесьці за сінім кражам

Родзіцца радасны дзень.

Сонца парчовую пражу

Круглыя суткі прадзе.

 

Там, за крутым перавалам,

Край непачаты прац,—

Пробу нам браць на трываласць,

Пробу на мужнасць браць.

 

Змору спазнаць пераходаў,

Дымных кастроў цеплыню...

О, абуджэнне прыроды

Ад паўгадовага сну!..

 

О, неспакойная ноша

Думак заўжды маладых,

Скарбу упарты пошук,

Першай удачы сляды!..

 

Што там нястача ці голад

Перад жаданасцю мэт,

Раз ты па званню геолаг,

А па прызванню паэт!

 

Шмат калясіў ты, разведчык,

Многім няўдачам назло,

Там, дзе нагі чалавечай,

Можа, зусім не было.

 

Тыя шляхі не проста

Да простых высноў прывялі:

Жоўтых крупінак россып —

Вось яна, соль зямлі!

 

 

ІІ

З першым цяплом ажывае

Прага вандровак зямных,

Б’ецца у жылах жывая

Палкая кроў вясны.

 

Ловяць пабудку антэны,

Гоняць у рупары хрып.

Зноў ажывае тэма

З пробліскам ранняй зары.

 

Як гэта хораша-дзіўна

Вокам абняць далячынь

Землі любімай радзімы,

Неба цнатлівую сінь!..

 

Як гэта хораша-люба,

Груз перажытых гадоў

Скінуўшы раптам, прыгубіць

Родных вятроў сырадой!..

 

Хораша!.. Белыя хмаркі

Сонцу насустрач ляцяць,

І абуджаюцца шпарка

Рухі зямнога жыцця.

 

Гром крыгалому. Рэха

Зыбіць разводдзяў плынь,

Пеняцца бурныя рэкі.

Ловіць навостраны слых

 

Першы напеў берасцянкі,

Курлыканне журавоў,

Шэпт халаджавага ранку

З леташняю травой...

 

Вясна прымярае абнову —

Сонечны персцянёк.

Сцелецца красавіковы

Травінак зялёны дымок.

 

Жыцця неўтаймоўная сіла

Плешчацца у берагі.

На ўзлёт размінае крылы

Год сямігодкі другі.

 

Там, дзе бязлюддзя немасць

Нікла у шэпце трысця,

Родзіцца новая тэма

Мудрае кнігі жыцця.

 

Случчына! Край прыгожы,

Бацькаўшчына бацькоў

Кліча мяне ў падарожжа

Шэптам прысад і садоў.

 

Там галасы абуджэння —

Звонам вясны у вушах,

Сілай жыцця нятленнай

Там маладзее душа!

 

Сон маладзецкі шахцёрскі

Там абрываюць гудкі,

З горада Салігорска

Ў шахты ідуць гарнякі.

 

Як ветракі без крылаў,

Высяцца ў неба капры.

Свідруе гарачая сіла

Тоўшчы зямной кары.

 

З рокатам крышаць забоі

Адбойныя малаткі,

Крышаць пласты мезазоя

Хлопцы-маладзякі.

 

Праца кіпіць несціхана,

Пласт падразае ствол:

Вось яна, доўгачаканая

Ў нетрах схаваная соль!

 

Тая, што караваем

Ляжа ў вяселле на стол,

Тая, што ўзніме ўраджаі,

Тая, глыбока зямная,

З нетраў здабытая соль.

 

...Вымпел узняўся ўгору —

Новы рубеж узялі!

Так і рашылі шахцёры:

Вось яна — соль зямлі!

 

 

ІІІ

Вугаль на Украіне,

Золата на Калыме,

Нафта з каспійскіх глыбіняў,

З нетраў казахскіх медзь;

 

Скарб незлічоны алмазаў

З карстаў якуцкіх мярзлот,

Марганец на Каўказе,

Соль з-пад дрымотных балот;

 

Гэта ўсё вамі здабыта,

Людзі Айчыны маёй!

Прывід крывавае бітвы

Хай не кране ваш спакой!

 

Юных загінула колькі,

Колькі пакладзена сіл!

На прыдарожных узгорках

Колькі іх, братніх магіл!

 

Клічуць вайны ахвяры

Голасам трубным вясны:

Людзі, зламайце карак

Чорнаму богу вайны!

 

Ярка вам сонца свеціць,

Веюць вам ветры вясны,

Ленінскай партыі дзеці,

Светлай радзімы сыны!

 

К мэце, што вызначыў Ленін,

Вашыя сцежкі ляглі,

Веку майго пакаленне,

Камуністычнае племя,—

Моцная соль зямлі!

 

1960


1960