epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Спадзяванне

Яшчэ жыве ў тваім трывожным позірку

Зямлі жывой нятленная краса,

А ўжо крануў лядок лясное возерка

І пазалотай гай апаясаў.

 

Ты не сумуй дарма — усё адновіцца,

Застыць не можа часу каляя,

І зноў на любыя душы Ждановічы

Ліне няшчадны пошчак салаўя...

 

Вось так з-за хмар пагодны дзень прадбачыцца.

Так пад лядком крынічная вада

Бяжыць, цурчыць вясёлая удачніца,

 

Да мутных рэк нясе празрысты дар...

Так нікне прэч дум чорных чарада,

Калі на золку новы дзень адзначыцца.