epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Спакой

Спакой — не сон, не бросня забыцця.

Спакой — жывога руху раўнавага,

Грамоў і бур законнае дзіця,

У спёку — дождж, у дождж — сухая смага.

 

Ён там, дзе ветры густа шалясцяць,

Дзе крыюць неба воблачкі-бадзягі,

Ён у крутым узлёце пачуцця,

Ён там, дзе плешчуць урачыста сцягі.

 

Айчыны дом! Стамлёнаю ступой

Іду я ў засень тапалёў спічастых,

Што сталі ў рад над Свіслаччу-ракой.

 

Тут жыў. Тут рос. Тут круг замкнецца мой.

Пакінуў тут я сэрца свайго частку,

Каб даў спакой мне вечны неспакой!