epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Шторм

Ударыў вецер з Фінскае затокі,

Нява пайшла у наступ на граніт,

І нарастае шторму гулкі рокат,

І гоніць хваляў чорных грабяні.

 

І над ракой, удзень яшчэ лагоднай,

Ірве ў шматкі звычайныя правы

Суровы нораў Балтыкі халоднай,

Дзесяцібальны вецер штармавы.

 

А там, дзе ў цемры глыбаю каменнай

Спакойна узвышаецца Кранштат,

Пражэктароў магутныя праменні

Раз’юшаны бароздзяць далягляд.

 

Стаяць спакойна грозныя лінкоры,

Маўчаць ствалы нацэленых гармат,

Успамінае ў гавані «Аўрора»

Семнаццатага года Петраград...

 

Ёй сніцца Зімні, хмуры дзень асенні

І першы залп старому свету ў лоб,

Адкуль шчаслівых дзён летазлічэнне

Назаўжды чалавецтва павяло...

 

Хай узаўецца заўтра нечакана

Кароткі й ясны, як маланка, кліч,—

Зноў павядуць адважна капітаны

У бой рашучы нашы караблі!..

 

1933


1933