epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Студзень

Далеч марозная сонцам няяркім падсвечана.

Плечы зямныя ухутаны ў белы паркаль.

Срэбнымі іскрамі шэрані дрэвы расквечаны,

Быццам бы студзень рассыпаў празрысты

крышталь...

Звонкая ціша — ні спеваў птушыных, ні шэлесту.

Льецца па жылах пушыстай зімы халадок.

Бачыш, як шчокі дзяўчыніны заружавеліся,

Мілыя кудзеркі лёгкі апушыў сняжок?!

Бачыш, як юныя лыжніцы, поўныя зграбнасці,

Міма праходзяць, і плешчацца гоман і смех...

Так вось юнацтва ружовае ў сэрца пракрадзецца,

Поўнае шчасця і гэтых няхітрых уцех...

Так разгаворыцца раптам прырода-маўчальніца,

Толькі кране яе подых паўднёвых вятроў,

Толькі напоўніцца першая светлая раніца

Клёкатам радасным мілых гасцей-журавоў...

Так вось зямля на зыходзе калючага студзеня

Поўніцца снамі аб сіняй пявучай вясне,

Каб распрастацца ўсёй сілай, ад спячкі абуджанай,

Краскамі ўсімі жыцця зашумець, заквітнець...

Так вось у немасці студзеня бачацца ўводдалі

Гулкай вясны шматгалоссе, і гоман, і шум,

Быццам пачуў маладосці ажыўшае водгулле,

Быццам зірнуў у глыбокую студню-душу!

 

1961


1961