epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Суладнасць

Мудрэц ці невук —

хто жывым на пострах

З вас першы вырак ісцін цьмяны рой,

Што свет заўжды імкнецца да хаосу,

Што сушы весці вечны бой з вадой;

 

Што цемру рэзаць зарыва пракосам,

Што ураганам рваць зямны спакой,

Што перунам, нібы каменячосам,

Крышыць базальты вогненнай рукой;

 

А чалавецтву век не ведаць ладу?!

Лухта! Агонь з вадой спрадвек сябры,

А ночы змрок заўжды світанню рады,

 

А перуны нясуць дажджоў дары...

І спрэс пануе розуму улада,

Дзе бой за мір вядуць гаспадары!