epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сумленне веку

1
2
3
4
5


1

Агульных слоў, паэты, пазбягайце,—

Хай будзе слова чыстым, як крышталь!

Яно для тых, гаціў хто колісь гаці,—

На золку веку шлях шукаў у даль.

 

Хто йшоў з цвярдыняй троннаю змагацца,

Каго вяла на эшафоты шваль,

Каб у вялікім пралетарскім гарце

Цвярдзела волі бальшавіцкай сталь.

 

Каб шуганула полымя з той іскры,

Якую геній веку распаліў

Над раздарожжам слоты ўсерасійскай,

 

Над беспрасвеццем рускае зямлі;

Каб з барыкады грымнуў першы выстрал,

Пачаўшы новай эры новы лік.

 

 

2

Не лаўры лоб мысліцеля вянчалі,

А горкі час клаў складкі горкіх дум:

Як з беспрабуднай скрухі і адчаю

Да бітвы ўзняць народа горды дух?!

 

І вось праз звон кайданны прагучалі,

Як гул гармат, як водгук кананад,

Грымоты Прэсні, ветраў свежых хвалі

І грозны голас першых барыкад.

 

Якая сіла волі, мыслі, духу

Жылі ў душы яго, ў яго крыві,

Каб скрозь вайны крывавай завіруху,

 

Скрозь твань ілжы, паклёпаў цёмны вір,

Даць верны курс нястрыманаму руху

Да берагоў разбуджанай Нявы?!

 

 

3

Ёсць назва гэтай сіле валатовай,

Што скаланула спрэс планеты шар:

Яна — жывое ленінскае слова —

Камуністычнай Партыі душа!

 

Яна праз чад вайны — іспыт суровы,

Нас зноў на светлы вывела бальшак;

Яна, чый рух бяздумныя галовы

Ці раз дарэмна праглі суцішаць.

 

Як лёт аднойчы ўзрушанай планеты

На міг не можа вечнасць прыпыніць,

Так свет, дыханнем Партыі сагрэты,

 

Як вёрсты часу адмярае дні,

Што ставяць вехі ўсім народам свету

Ад вышыні да новай вышыні.

 

 

4

Не! Не для пышнай гучнаструннай славы

Жыве вялікай Партыі калос.

Яна — душа жывой гарачай справы,

З якой навек народ звязаў свой лёс.

 

Яна — сумленне веку, мозг дзяржавы,

Да светлай эры ў высі ўзняты мост,

Ідэй бяссмертных мудрая праява,

Што ў век касмічны нас вядзе наўпрост.

 

Нага ў нагу йдучы з дваццатым векам,

У сінім небе прачарціўшы след,

Яна ў імя зямнога чалавека

 

Кладзе маршруты няземных ракет.

Яе рука кілзае ў цуглі рэкі,

Каб ліць святло ў тайгі замглёны свет.

 

 

5

Рыпіць старога свету калымага

На ўхабах дрогкіх бітых каляін,

І дым смуродны сцеле над прасцягам

Вайны крывавай чорны паладзін.

 

Надзеяй веку, сімвалам адвагі

З высокіх гор, са стэпаў і з далін

Завеш заўжды пад ленінскія сцягі

Ты, Партыя, народы ўсіх краін.

 

Вядзі да шчасця іх! Хай адзавецца

Твой мудры голас рэхам у грудзях

І у сыноў тваіх, і ў чалавецтва;

 

Хай свеціць ім у навальнічных днях

Апошні гул апошняй бітвы ў свеце,

Што свет старога зрыне ў пыл і прах!

 

1971


1971