epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сустрэча

Яшчэ гараць агні універмагаў,

Яшчэ з вітрын стракацяць вітражы.

Чым наталіць жаданняў вечных смагу,

Ты па сакрэту шчыра мне скажы.

 

Пазвоньваюць з карнізаў лена кроплі,

На спад ідзе саслаблая зіма.

Спакойна мне, калі ідзеш ты поплеч,

Трывожна мне, калі цябе няма.

 

Як чарнакрылы птах, замглёны вечар

Плыве над Мінскам. Вадаспад святла

З высокіх вокан льецца. Гмахаў плечы

 

Трымаюць моцна небасхіл. Звяла

Мяне з табою позняя сустрэча,

Таму, што быць ранейшай не змагла.