epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сувязь

Як сёння, як учора, як калісьці

Жыве дзівосных з’яў жывы паўтор:

Зямлю ўсцілае клёнаў жаўталісце,

Гудзе вятроў асенніх перабор.

 

Вазьмі адцінак часу самы сціслы,

Спыні, законам руху насупор,

І ты пачуеш, як шапоча Свіслач

Былінны сказ аб дзеях даўніх пор.

 

Пачуеш пра дамок, што сціпла й строга

Стаіць, ад камяніц наўзбоч, адзін,

Хоць ад яго пабеглі ў свет дарогі...

 

Ён і мяне, хто сотні каляін

Прайшоў за час свайго быцця зямнога,

Трымае моцна сувяззю часін...