epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Свая пара

Свая пара ўсяму. Свая пара

Зялёнай рамантычнай маладосці,

Што, ветразі падставіўшы вятрам,

Шукае у ружовых далях штосьці.

 

Свая пара ўсяму. Свая пара

Вандроўкам па заснежанай Сібіры,

Гаворкам задушэўным ля кастра

І птаха пералёту ў цёплы вырай.

 

Свая пара ўсяму. Свая пара

Ўспамінам пра ваенныя дарогі,

І смутку па загубленых сябрах,

І радасцям вялікай перамогі.

 

Свая пара ўсяму. Свая пара

Хвіліне найшчасліўшай незваротнай,

Калі старое прэч ідзе з двара,

Каб поваму пастукацца у вокны.

 

Свая пара ўсяму. Свая пара

Ўзысці на запаветныя вяршыні,

Каб сцяўшы дух зірнуць, як лье зара

Спакой і сон на мірныя хаціны.

 

Свая пара ўсяму. Свая пара

Дайсці да нешматлюднага паўстанку

І думаць, што вячэрняя зара

Бок адваротны алага світанку.

1971


1971