epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Святлісты дзень Красавіка

1
2
3
4
5
6


1

Красою цёплай повен красавік,

Сінечай неба, звонам крыгаходу,

І журавамі, што свой першы крык

Кідаюць зверху ў веснавыя воды.

 

Прамаці рэк славянскіх, новы лік

Пачні з той квадры, дзе пахмурна годы

Па ўсерасійскай бездаражы йшлі,

У бога марна молячы лагоды!

 

І ты, мой век, пачні летазлічэнне

З пары, калі над морам слёз і бед

З’явіўся той, хто свету на здзіўленне

 

Знайшоў рычаг (што бедны Архімед

Знайсці не мог!), каб сілай абуджэння

Перавярнуць ушчэнт збуцвелы свет!

 

 

2

А як вятры галубілі раку,

А як вясны красавіковай дзіва

Плыло, калі ў прыволжскім гарадку

На шчасце маці сына нарадзіла!

 

Ён рос. Мужнеў. А мудрасць юнаку,

Дух барацьбы ды вольнай волі крылы

Даў той народ, што на сваім вяку

Скараўся хіба аднаму Ярылу.

 

Ён жыў. Тварыў. Каб шквалам скразнякоў

Прадзьмула свет імперый спарахнелы...

І хоць прайшло больш ста красавікоў —

 

На сто гадоў зямля памаладзела!

Так сёння ёсць і будзе век-вяком —

Яго імя яднае ў бітву смелых!

 

 

3

Не, не прарок, а просты чалавек,

Сярод смяротных — сам такі ж смяротны,

Ён скіраваў дваццаты тлумны век

На шлях адзіны і беспаваротны.

 

І счэзне войнаў чад, і гвалт, і здзек

Для ўсіх, як ёсць бяздомных і гаротных.

Вядуць агні рэвалюцыйных вех

На бой астатні люд зямлі галодны.

 

Ён знаў, ён знаў: на ўсіх мацерыках

Жывое слова праўды абзавецца

Агнём баёў і гулам барыкад —

 

Не будзе ліхвярам куды падзецца.

Таму заўсёды дзень Красавіка

Жыве ва ўдзячным сэрцы чалавецтва!

 

 

4

Як не ставала часта нам Яго,

Калі бяда мой край за горла брала,

Калі на спелы цвет, на сінь снягоў

Курэла дымам чорная навала!

 

На рубяжах, аплаканых пургой,

Насмерць стаялі пад грымотным валам —

На бой і кроў, у праведны агонь

Нас Ільічова слова падымала!

 

І ноч была, і дзень быў, і святло

Ліло цяпло над папялішчам дымным,

Каб зноў усё жывое расцвіло

 

Па ўсёй зямлі садамі маладымі,

Каб наша неба, чыстае, як шкло,

Свяціла мірна ў ясны твар Радзіме...

 

 

5

Ёсць веліч духу, веліч прастаты,

Яны цвярдзей гранітных маналітаў,

Яны ірвуць старых асноў пласты,

Калі ў магутнасць класа пераліты.

 

Няма звароту, спалены масты,

Атакі сілы цёмнае адбіты.

Ёсць радасць з боем пройдзенай вярсты,

Ёсць у Зямлі для ўсіх адна арбіта!

 

Па ёй вядзе нас Генія рука.

І хоць яго даўно няма на свеце,

Ўзрыўная сіла кожнага радка

 

У плаўцы часу лавай сталі льецца.

Таму празрысты дзень Красавіка

Душу варушыць, будзіць памяць сэрца.

 

 

6

Імпэт тварэння, цеплыня душы,

Надзённых спраў гарачае натхненне,

І караблёў касмічных віражы,

І ясны лёс наступных пакаленняў,

 

І хараство пакораных вяршынь,

І дум узлёт, і выбух захаплення,

І глыбіня задум, і мараў шыр —

Усё навек злілося ў слове ЛЕНІН.

 

Таму й жыве народная любоў,

Па жылах гоніць кроў кіпучай сілы,

Як сокі ў целе векавых дубоў...

 

Таму у гэты дзень вяснова-сіні

За найвялікшы дар з зямных дароў

Прымі паклон, вялікая Расія!

 

1973


1973