epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Святло кастрычніка

З тых даўніх дзён, калі

У Мінск наш старажытны

«Аўроры» залп з Нявы

Вятрамі данясло,—

Над сном лясных цішынь,

Над морам шыры жытняй

Гарыць, гарыць заўжды

Кастрычніка святло!

 

Яно свяціла нам,

Калі ў агні і дыме

Сачылася крывёй

Пакутніца зямля,

Упэўненасць надзей

Запальвала на ўздыме

І асвятляла шлях

Рубінамі Крамля.

 

За годам год ідзе

Самкнутым шчыльным строем,

Змянілі зброю мы

На молат і кайло.

У засені прысад

Спяць вечным сном героі,

Каб нам свяціла ў твар

Кастрычніка святло.

 

Зноў восень па зямлі

Ідзі красуняй-павай —

Па плошчах гарадоў,

Па сёлах і дварах.

Дзень добры, Беларусь,

Народная дзяржава,

Зямля руплівых рук,

Радзіма слаўных спраў!

 

І вось нясуць адказ

На крылах часу вёрсты,

На пераклічцы дзён

Грыміць магутны строй.

Гавораць: Нафтабуд,

Шахцёры Салігорска,

Працаўнікі палёў

Рэспублікі маёй.

 

У пераклічцы той

Я чую гром металу,—

То Трактарны падаў

Магутны голас свой,

То Жодзіна грыміць

Жалезам самазвалаў,

То працы мірнай рытм

Грукоча над зямлёй.

 

На ўсім, што творым мы,—

Пячаць нязломнай волі,

Рабочых нашых рук

І подыху цяпло,

І водбліскам жывым,

Нягаснучым ніколі,

Нам асвятляе шлях

Кастрычніка святло.

 

Люд працы ўсёй зямлі

З затоеным дыханнем

Глядзіць, як дружна мы

Будуем шчасця дом,

Іх сэрцы сагрэе

Надзея на світанне,

І вочы іх гараць

Кастрычніка святлом.

 

Мы ў будучыню йдзём

Дарогай найяснейшай,

Дзе камунізма даль

Бліжэй нам з кожным днём,

І будзе вечна жыць

Імя таго, хто першым

Нам сэрцы запаліў

Кастрычніка святлом!

 

1959


1959