epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Сведка

Няма спакою мне. Ён толькі сніцца,

Як прывід нерухомы і нямы.

На апраметнай белай калясніцы

Раве ўраган шалёны Калымы.

 

Гудзі, шалей! Усё адно скарыцца

Табе, дзіця палярнае зімы!

Зірні, зірні: ў руках маіх іскрыцца

Дар, што ў цябе адваявалі мы!

 

На злосць тваім падэсцям і каварствам,

Саскробшы з праўды покрыва іржы,

Я сведкам стану над халодным карстам

 

У вечнай мерзлаты на рубяжы,

Схаваўшы моцна ў памяці упартай

Твае медалі і твае крыжы!