epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Табе адной

Куды б мяне мой дзіўны лёс ні кінуў,

Пад неба поўначы, на берагі Дзвіны,—

Твой шлях — мой шлях, любімая Айчына!

Адным дыханнем, пачуццём адным

Я жыў з табой. Дарогаю адзінай

Мы ўсе тады ішлі, твае сыны.

 

Тайгой Сібіры, стэпам Украіны,

Праз гонкія палескія лясы

Ляжала проста наша пуцявіна,

І сэрца я тваё ў сваім насіў.

Яно жыло табой, мая Айчына,

І ў шчасны дзень і ў цяжкія часы!

 

З табой ішоў гадамі пяцігодак,

Перамагаў з табой уздым круты.

Апальваў твар пясчаных пустак подых

І холад запалярнай мерзлаты...

Усё з табой — і радасць, і нягоды,

І кожны крок адоленай вярсты!

 

Сталела ты — і я сталеў з табою;

Мужнела ты — і я з табой мужнеў

Пад грозны шум вячорнага прыбою,

Пад грукат часу, песню рупных жней...

Квітнела ты вялікіх дзей зарою,—

І я іх светлым водбліскам квітнеў!

 

Я быў з табой, калі мы сцяг твой неслі

Праз навальніцы, зграі чорных хмар,

Твае салдаты, муляры і цеслі

І з імі я — нястомны твой пясняр.

Табе адной — мая душа, і песня,

І смутак мой, і сэрца майго жар!

 

На твой прасцяг патокам сонца льецца,

Шуміць зямля калоссем залатым,

Тваіх садоў плады згінаюць вецце

І свежых парасткаў шумяць лісты.

Вясной жыцця, вясною чалавецтва,

Мая Айчына, сёння стала ты!

 

Ад сцен Крамля старых і вечна новых,

Дзе пульсам часу б’ецца думак строй,

Я чую голас ленінскага слова,

Прызыўны голас Партыі сваёй.

То — голас твой і ласкавы й суровы,

То — мацярынскі родны голас твой.

 

На заклік той сям’ёй народаў дружнай

Мы возьмем курс, прызначаны табой.

І стане ў нас і сілы й волі дужай

Дайсці да мэты гордае тваёй.

Любоў сваю, і кроў сваю, і мужнасць

Мы аддаём без слоў табе адной!

 

1955


1955