epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Трактат

Як сонца пырскі з кроплямі расы,

Як з плачам смех, як звыклае з нязвычным

Змяшалася трагічнае з камічным,

А зло з дабром. І ўсё — ў імя красы!

 

Не! — нараканняў чую галасы —

Красы прынада — ў галізне антычнай,

Вы ж, маралісты, посныя абліччам,

Сілком надзелі на яе трусы!

 

Што ж? Эра эры порстка йдзе на змену,—

У сэрцы б’ецца часу гулкі крок,

А свет жыве красой сваёй нятленнай,

 

Што харашэй, ярчэй відаць здалёк...

Ёй так патрэбна моднае адзенне,

Як голай праўдзе — фігавы лісток!