epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Трытон

У таўшчыні пластоў палеагена,

У амярцвелай глыбіні мярзлот

Загінула калісь вякоў стварэнне —

Жыхар трацічных цёплых вод.

 

Гадоў мільёны збеглі ў небыццё,

Вятры, ільды крышылі ў друз і шчэбень

Кару зямлі. Сваёй чаргой жыццё

Ішло пад ясным і халодным небам.

 

Над роўняддзю застыглае зямлі

Уздымаліся гарачыя вулканы,

І нежывыя пусткі зноў жылі,

І рэкі йшлі ў абдымкі акіянаў.

 

Па перагноях тых далін і рэк

Зашумавалі папараць і травы...

Тады прыйшоў магутны чалавек

Вяршыць закон жывой і творчай справы.

 

І загрымелі выбухі ў гарах,

Праз першабытны лес прайшлі прасекі.

Так узнялася над зямлёй зара

Непераможнай сілы Чалавека!

 

...Яго знайшоў я ў слоі белых глін

І кінуў у ставок, зарослы мохам,

І ён ажыў пад сонцам і паплыў,

Далёкі госць далёкае эпохі!

 

Блішчаў на сонцы золатам лускі,

Глядзеў у твар нябачанаму свету.

І я, пераступаючы вякі,

Убачыў яву здзейсненае мэты:

 

Ўсё падуладна волі Чалавека —

Заканамернасць смерці і быцця:

Ён пераможцам выйдзе ў бітве з векам

Свайго недаўгавечнага жыцця!

 

1949


1949