epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Творчасць

Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху,

Ім дружна адгукаецца капеж.

Світанне ў шыбы б’ецца шэрым птахам,

Фарфоравыя вушы на слупе

Падслухваюць размову правадоў.

Насупраць белы высачэзны дом

Спакойна, безуважна сочыць

За ўцёкам восеньскае ночы...

А дождж... З сяўніцы хмар ліецца дождж...

 

Спалохана ўцякаюць ночы цені,

Хаваюцца ў завулках і кутках,—

Маўклівай цемры кволыя стварэнні,

Абрыўкі таямнічага клубка...

Паперы аркуш стыне на стале,

Пачуццяў сіні жар на ім сатлеў,

Адны радкі — пакут начных адзнакі —

Ляжаць, як попел, як гарачы накіп.

Яшчэ на год іх творца пасталеў.

 

Страсаю сон, як кроплі з лісця ясень,

Страчаю дзень, як сонца узыход

Пасля палярнай ночы. Зрок мой ясен,

Просталінейны думак мерны ход.

 

Гляджу ў акно. Радзіўся першы гук:

Запеў гудкоў, паспешны крокаў стук,

Прарэзлівы гудок трамвая...

І сэрца б’ецца, сэрца ажывае,—

Маіх начэй бяссонных лепшы друг.

 

Дык біся, біся адчуваннем шчасным

Хады падзей, утомай творчых спраў!

Хай не пакліча нас на суд сучаснасць

І не прад’явіць часу жорсткіх праў.

Жыццё тваё — не проста звыклы бег

Уздоўж настаўленых па трасе вех,

Жыццё тваё — не проста існаванне...

...У небе скібы хмар ірве світаннем

Свяціла пазалочаны лямех...

 

1955


1955