epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Ты сказала, відаць, недарэмна..."

Ты сказала, відаць, недарэмна

Пра сваю агнявую любоў,

Як прыйшла яна сцежкай таемнай

Бунтаваць неўтаймоўную кроў.

 

Спадабалася мне да паўночы

Па-за стойбішчам часта блукаць,

Заглядацца у карыя вочы

Ды крутое плячо абдымаць.

 

Тарбазы вышывала, кухлянку,

Захаваўшыся ў цёмны шацёр,

Маладую душу якуцянка

Укладала ў мастацкі узор.

 

Падарунак аддаць не змагла ты,

Я ж не здолеў любоў зберагчы:

Здагадаўся твой бацька багаты

І са стойбішча зняўся ўначы...

 

Цёмнай ночкай ці снежаньскім ранкам

Сваё шчасце ўсё роўна знайду.

Падкрадуся да цёплай ярангі,

Як разбойнік, цябе украду.

 

Нас укрыюць пурга і туманы,

След глыбока снягі замятуць.

Варажыў недарма ў Наяхане

Мне пра тое старэнькі якут!..

 

1945


1945