epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ты снілася мне...

Ты снілася мне на далёкай ускраіне,

Дзе грукае ў бераг прыбой,

Дзе сіняе неба да мора прыпаяна

Барвяна-чырвонай каймой;

 

Дзе ветразь у моры халодным палошчацца,

Кідае гарпун кітабой,

Ты снілася мне. У таежным урочышчы

Я мроіў таксама табой.

 

Мне ўсё там знаёма так блізка і хораша:

Атрогі сінеючых гор,

Палонкі сцюдзёнай вады паміж торасаў

І шкло нерасталых азёр.

 

Бадзягі душа на цябе не паскардзіцца:

Усё, што было, то сплыло.

Табе аддаю беззваротна ўсю скарбніцу,

Што сэрца ад бур зберагло.

 

Спрадвеку на свеце ўжо гэтак паводзіцца:

Нястомна шукаць навізну;

Калі ж адшумуе крыві калабродзіца,

Навек закахацца ў адну.

 

Таму да цябе я прыходжу не Каінам,

Сумленне — празрысты крышталь.

Той толькі адчуе ўсю слодыч спаткання,

Хто горкасць разлукі спытаў.

 

Вядзі ж мяне лугам, расквечаным берагам

Задуманых рэчак тваіх,

У цень твайго саду — відовішча белага,

У руні пшаніц маладых!

 

Вядзі мяне полем, пясчанымі ўзгоркамі,

Вядзі мяне борам густым

У хаты, дзе людзі не доляю горкаю,—

Валодаюць лёсам сваім!

 

Вядзі гарадамі, праспектамі, плошчамі,

Чыгунак тваіх палатном,

Па ўсім, што рукамі руплівымі ўзрошчана

Тваіх працавітых сыноў!

 

Загоена ўсё, што навалай паранена,

Прыбраная ў сонечны ўбор,—

Такою ты снілася мне на ускраіне,

Дзе грукае ў бераг прыбой.

 

1956


1956