epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

У даліне маўчання

З высокае сопкі праз срэбраны пыл

Спускаўся я ноччу ў Даліну Маўчання.

Над светам трывожна гайсалі слупы

Вар’яцтвам Паўночнага Ззяння.

 

Нібыта зямля патанула ў снягах

І рушыць шалёна Дарогаю Млечнай,

Страсаючы шэрані прывідны прах,

Крутою арбітай у немасці вечнай.

 

Здавалася, ў свеце мы толькі ўдваіх:

Я, ўсімі забыты, й быццё нежывое.

Вось-вось ад зямлі адарвуся я ўміг,

Падхоплены сілаю той незямною...

 

Ды цела не хоча пакінуць душа,

Не хоча ў прасцягу нямым растварыцца,

А прагне зямное з надземным змяшаць,

А прагне пабачыць рэальнасці рысы...

 

У тым паядынку, напэўна б, знямог,

Ды Ззяннем Паўночным хтось выслаў дарогу:

І ўбачыў я ў мёртвай даліне дымок,

Што віўся ратункам з хібаркі убогай...

 

1945


1945