epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

У дні вайны

К. Звонаку

 

Я хацеў бы

Быць салдатам,

Напавал забітым

Першай куляй

Ў першы дзень вайны...

 

Шарль Вільдрак

 

 

Ён дакаціўся і сюды,

За дзесяць тысяч кіламетраў,

Той гул народнае бяды,

Што скалануў глухія нетры.

 

Я ведаў, я не малавер,

Народ навалу пераможа,—

Магілу знойдзе чорны звер,

Што выняў меч крывавы з ножан.

 

Я йшоў на шахту, у забой,

Я здабываў метал па зброю,

Каб ты, салдат, у грозны бой

Ішоў упэўненай хадою.

 

І я (было ж нямала нас)

Чакаў павесткі кожны вечар,

Чакаў, калі праб’е наш час,

Час незабыўнае сустрэчы.

 

Калі паэт і інжынер,

Пабраўшы ў рукі аўтаматы,

Па роднай пройдуць старане

Жалезным поступам салдата.

 

Ды іншае прызначыў лёс,

Параскідаўшы нас на свеце:

Я — там, дзе край скаваў мароз,

Ты — там, дзе гарам пахне вецер.

 

Я помню: ў дзень, калі ў баях

Ты ўпаў з раздробленай нагою,

Душа ірвалася мая

Туды, да вас, на поле бою.

 

За кроплю кожную крыві,

Што пралілі ў баях салдаты,

Я, безыменны радавы,

Як ты, змагаўся б да расплаты

 

За слёзы горкія сірот,

За крыўду мацерак і жонак,

За ўсё, што вынес мой народ,

За гора, што прынёс падонак...

 

І калі б суджана было

Зірнуць і мне ў аблічча смерці,

Я знаў бы — побач тут жыло

Са мной тваё жывое сэрца.

 

...Палярны дзень даўно пагас,

На сопкі лёг сінявы вечар.

Я веру: прыйдзе светлы час,

Час незабыўнай нашай стрэчы.

 

1943


1943